Послухай вершы пра родную мову

Дата: 10 октября 2021 в 02:44, Обновлено 29 декабря 2025 в 16:02

Вершы пра родную мову

Марыя Цімінская


Мова мая 
 

Мова мая - 
шум гаёў напрадвесні, 
стан дзявочы бяроз, 
звонкі спеў салаўя 
і матуліны шчырыя песні - 
мова мая.


Мова мая - 
гэта сола заранкі, 
незабудак блакіт, 
перазвон ручая 
і над стрэхамі шапка буслянкі - 
мова мая.


Мова мая - 
ціхі шэпат калосся, 
ветру лёгкі павеў 
і гудзенне чмяля, 
кропка жаўранка ў паднябессі - 
мова мая.


Мова мая - 
пах дзівосны язміну, 
смак крынічнай вады, 
ў небе сум жураўля, 
за сялом карагода рабінаў - 
мова мая. 
 

Мова мая – 
жалкаванне жалейкі, 
горкі кнігаўкі плач, 
любых рук дабрыня 
і валошак махнатыя вейкі – 
мова мая.

Мова мая - 
пералівы вясёлкі, 
мяккі кужаль снягоў, 
вечароў цішыня, 
пад бажніцай купальскія зёлкі - 
мова мая.


Мова мая - 
то ўсмешка дзіцяці, 
майго сэрца біццё 
і пад сонцам - ралля, 
хлеб духмяны ў бацькавай хаце - 
мова мая.


Мова мая - 
ручнікі-абярэгі, 
крыж расстайных дарог, 
і сустрэч цеплыня, 
і прамая дарога да Бога - 
мова мая.

Комментарии:
Оставлять комментарии могут только авторизованные посетители.